1 снежня 2015 г. а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (пр. Незалежнасці, 47 - пляцоўка Музея сучаснага выяўленчага мастацтва) адбудзецца адкрыццё двух выставак эксперыментальнага тэкстылю Латвіі: «ВІБРАЦЫІ МАТЭРЫЯЛАЎ» і «КАНЦЭНТРАВАНЫЯ ДУМКІ».
Куратары выстаўкі: Іева Круміня (Ріга, Латвія), Міхась Цыбульскі (Віцебск, Беларусь). Праекты рэалізуюцца пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
У аснове экспазіцыі “Вібрацыі матэрыялаў” - працы, створаныя мастакамі да юбілейнай выстаўкі Латвійскай асацыяцыі тэкстыльнага мастацтва, што адбылася ў выставачнай зале Саюза мастакоў у Рызе. Трыццаць пяць аўтараў розных пакаленняў - ад першых выпускнікоў аддзялення мастацтва тэкстылю Латвійскай акадэміі мастацтваў да студэнтаў малодшых курсаў - знаёмяць з найбольш актуальнымі ідэямі, паказваюць сваё бачанне свету ў шырокім тэматычным спектры, выкарыстоўваючы разнастайныя матэрыялы і тэхнікі. Тэкстыль, як і мова, яскрава характарызуе нацыю, выяўляе яе каштоўнасці, досвед і светаадчуванне. Латвійскія мастакі па тэкстылі распавядаюць свае гісторыі беларускім гледачам.
Мастацтва тэкстылю і ў Латвіі, і за мяжой паступова становіцца міждысцыплінарным, бо класічныя тэхнікі (габелен, батык, вышыўка, качанне з воўны і інш.) нярэдка спалучаюцца з iншымi выкарыстоўваемымі прыёмамі выканання, перакрываюцца зусім нетрадыцыйнымі спосабамі, інтэграваннем з зyсiм новымi матэрыяламі. Мастакі іншых галін, напрыклад, жывапісцы і скульптары, таксама часта выкарыстоўваюць валакністыя матэрыялы пры стварэнні сваіх прац.
У кожнага чалавека, незалежна ад адукацыі, нацыянальнасці і ўзросту, маюцца свае адносіны з тэкстылем - на узроўні тактыльных адчуванняў мы знаёмыя з валокнамі розных структур ужо з нараджэння. Тэкстыль з'яўляецца формай матэрыі, якая найбольш багата асабістымі асацыяцыямі, таму мастацтва тэкстылю ўтрымлівае высокую папулярнасць у грамадстве.
Мініяцюрны тэкстыль у Еўропе і ЗША, як асобны жанр, перажыў свой росквіт у 1960-70-я гады. Міжнародныя выстаўкі мініяцюрнага тэкстылю рэгулярна праходзяць ў Італіі, Венгрыі, Польшчы, Літве, Славакіі, Украіне, Францыі і г. д. Назвы гэтых біенале і трыенале добра ведаюць мастакі па тэкстылі ва ўсім свеце і рэгулярна ў іх удзельнічаюць.
Выстаўка «Канцэнтраваныя думкі» стваралася на працягу шэрагу гадоў. Многія з гэтых твораў пабывалі на розных міжнародных выстаўках, дзе атрымалі ўзнагароды. Тэматыка твораў вельмі шырокая – ад адлюстравання асабістых адчуванняў і настрояў, малюнкаў прыродных аб'ектаў і з'яў, выражэння парадоксаў, да сур'ёзных гістарычных, экалагічных і сацыяльных тэм. Беларускія гледачы маюць магчымасць убачыць і параўнаць почыркі аўтараў у розных фарматах, наведаўшы адначасова і выстаўку эксперыментальнага нетрадыцыйнага тэкстылю латвійскіх мастакоў. Адзін з імпульсаў для стварэння твора мастацтва – гэта радасць, а мініяцюрны тэкстыль нярэдка яе матэрыялізуе ў дакладнай форме. Мініяцюра можа дзейнічаць як вітамін, натхняючы гледача на творчасць. Спадзяюся, што мініяцюры латвійскіх мастакоў парадуюць, а таксама натхняць беларускіх гледачоў.
Выстаўка працягнецца па 19 снежня 2015 г.
Іева Круміня,
прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў,
загадчык кафедры мастацтва тэкстылю,
аддзел выставак 2882468
Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!