12 верасня 2018 г. а 19 гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3), у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску, адбудзецца адкрыццё выставы «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня».
Выстава «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» – вынік імкнення паказаць твары тых людзей, аўдыязапісы галасоў або выканальніцкага майстэрства каторых складаюць скарбонку фонаархіва кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).
Цэнтральнай тэмай выставы невыпадкова стала вяселле. У шматлікіх народаў свету традыцыйнае вяселле – гэта самае яракае свята ў жыцці чалавека, якое мае найбольшы размах сярод іншых урачыстасцей і па працягласці правядзення, і па колькасці ўдзельнікаў. Разам з тым традыцыйнае вяселле – гэта шматкампанентнае сакральнае дзеянне, накіраванае на пераход галоўных яго персанажаў ў новы сацыяльны статус (дзяўчыны – з бацькоўскага роду ў род мужа, хлопца – у статус сямейнага чалавека).
Беларускае вяселле як рытуал сваімі каранямі ўзыходзіць да старажытнаславянскіх часоў. Паступова яно стала спалучаць у сабе паганскія і хрысціянскія кампаненты, і выкрышталізавала свой абрадавы мінімум, які ў кожнай мясцовасці можа мець свае адметныя варыянты.
Вясельная песня – галоўны кодавы гукавы кампанент рытуала. Яна суправаджае і адлюстроўвае ўсе важныя падзеі вясельнай цырымоніі, маркіруе і рэгламентуе ход вяселля як важнага этапнага свята ў жыцці чалавека. Вясельныя мелодыі, як і сам абрад, маюць рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці, сваю канкрэтную геаграфію, з’яўляюцца спецыфічным знакам «свайго боку» («своей стороны»).
Носьбітамі вясельнай песеннай традыцыі да апошняга часу з’яўляліся дарослыя і сталыя вясковыя жанчыны. Сёння, калі традыцыйнае вяселле як песенна і абрадава рэгламетаванае дзеянне імкліва адыходзіць у нябыт, яны працягваюць захоўваць гэтае сакральнае веданне ў сваёй памяці.
Фатаграфіі выставы «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» паказваюць свята вяселля праз партрэты ключавых яго арганізатараў – жанчын-носьбітаў песенна-абрадавай традыцыі. Партрэты мужчын – гэта выявы вясковых музыкаў. Яны з’яўляліся на вяселлі адмысловымі фігурамі, бо адказвалі за танцавальную частку свята, якую ўсе госці асабліва любілі і чакалі.
Фатаграфіі зроблены ў 1970–2010-я гады ў музычна-этнаграфічных экспедыцыях БДАМ. Фотакалекцыя налічвае больш за 1000 экспедыцыйных аматарскіх здымкаў, зробленых рознымі супрацоўнікамі і студэнтамі акадэміі.
На выставе прадстаўлены таксама фільм «Радзілавіцкае вяселле», зняты ў 2017 г. сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства паводле сцэнара візуальнага антраполага, рэжысёра і журналісткі Р. Гамзовіч (аператар – А.Глушко, фота – А. Мікус, відэамантаж – Д. Касцюкевіч).
Акрамя гэтага, фатаграфіі на выставе можна праглядзець у фармаце слайд-фільма, у якім кожны здымак агучаны «вясельным голасам» таго, хто на ім выяўлены, а ўвесь экспазіцыйны цыкл (партрэт+гук) абагульнена выбудаваны ў чарзе ходу вясельнага рытуалу і маркіруе галоўныя яго этапы.
Куратары: Настасся Даніловіч, Дзіна Даніловіч
Ідэя, мантаж слайд-фільма – Алеся Вікторчык, Настасся Даніловіч.
Фільм «Радзілавіцкае вяселле» (сцэнарый, фінансаванне відэаздымак і мантажу – Рэгіна Гамзовіч, аператар – Аляксей Глушко, фота – Альфрэд Мікус, відэамантаж – Дзяніс Касцюкевіч).
Работа выставы плануецца ў тэрмін з 13.09. па 20.10.2018 г.
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|