Выставы

Персанальная выстава Аляксандра Трускоўскага “[Не]асабістае пытанне”

  • 20.12.2024 - 16.02.2025
  • 12:00-20:00
  • г. Мінск, Някрасава, 3
  • Тэл. +375 17 235–03–32
  • Тэл. +375 17 399–09–78

20 снежня а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адчыняецца персанальная выстава Аляксандра Трускоўскага “[Не]асабістае пытанне”.


Шкло можа быць крохкім, функцыянальным, дэкаратыўным, яно можа быць радыкальным і няўмольным – надзвычай універсальнае медыя. Яго штампуюць, рэжуць, адліваюць, напаўняюць святлом неонавых лампаў, яркасцю полымя…

Падыходы мастака шматгранныя. Спалучэнне шкла з відэа, даследаванне з дапамогай гуку, ператвараюць яго ў элемент інсталяцыі, татальнай мультымедыйнай практыкі. Матэрыял становіцца інструментам, з дапамогай якога мы адрозніваем свет у маштабе штодзённасці, упарта ўзаемадзейнічаючы з ім, задаючыся пытаннямі.

“...Кожнае пытанне, як твор – становіцца згусткам перажыванняў, на пэўным этапе жыцця, перарастаючы ў сімвал, выказванне…”, – гаворыць Аляксандр Трускоўскі.

Бяссілле слоў, дэвальвацыя пазначаных імі “ісцін” раствараецца ў формах, губляецца ў вызначэннях. Застаецца матэрыяльны след, адбітак.

Мастак, выкарыстоўваючы шкло як гісторыю, “канцэнтраты”, “цытаты” калісьці створаных работ, праяўляе не толькі яго “нябачную сутнасць”, але таксама фармулюе вельмі асабістае выказванне, прад'яўляе сваю праўду, інтуітыўна вызначаную дакладнасць – тое, што немагчыма прагаварыць/ артыкуляваць.

Складаная рэальнасць праекта маніпулятыўная. Аўтар таксама як і глядач раўнапраўна моцныя ў яе фармуляванні, разам вынаходзячы мадэль паводзін, сістэму трактаванняў і значэнняў рэлізаваных “ландшафтаў”. Гэты сумесны вопыт у “[Не]асабістым пытанні” дае натхненне і кідае выклік, прадстаўляе патэнцыйныя магчымасці і абмяжоўвае лімітамі.

“Надзея”, “Пытанне без адказу”, “Сутнасць”, “Яшчэ не канец”, “Думка”, “Адарваныя часткі”, “Рэха іншага сэнсу”, “Нямоглыя словы” – назвы серый аб'ектаў, выкладзеных у “татальным” сведчанні Аляксандра Трускоўскага, дзе думкі, адносіны, узаемасувязі заслугоўваюць увагі і складаюць частку глабальнага апавядання.

Куратары: Дзіна Даніловіч, Аляксандр Булаш.

20.12.2024, 18:00
НЦСМ па адрасе: вул. Някрасава, 3.
Уваход вольны.

Дызайн афішы: Ілля Казак.

Другія мерапрыемствы
Тэатр Лялечныя спектаклі ў НЦСМ

Запрашаем арганізаваныя школьныя групы у Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на лялечныя спектаклі!