23cнежня 2015 года а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь(ПЛЯЦОЎКА - пр. Незалежнасці, 47)адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу Алены Шлегель «САДЫ СЕМІРАМІДЫ», вынік творчай дзейнасці мастачкі за апошнія 15 гадоў.
Наведвальнікі атрымаюць магчымасць ўбачыць работы з серый «Этнаграфія», «Міфалогія», «Алфавіт», «Рабро Адама», «Медальёны». Таксама будуць прадстаўлены фота твораў на аб`ектах.
Прастора выстаўкі павінна стаць сваеасаблівым полем гульні ўяўлення і асацыяцый. У правілы гэтай гульні ўваходзіць выкарыстанне ўсялякага роду рэмінісцэнцый з культурнага мінулага розных эпох і краін, стылістычных ключоў і знакаў, аўтарскіх інтэрпрэтацый вядомых сюжэтаў, феерыі маскарадных пераўвасабленняў.
Назва выстаўкі «САДЫ СЕМІРАМІДЫ» адпраўляе гледача да вобразу містычных садоў вавілонскай царыцы, напоўненых цудамі і раўнацэннымі па прыгажосці эдэмскаму саду.
Экспазіцыя будзе вырашацца ў стылі сваеасаблівага «эстэтычнага ідэалізму», ствараць уражанне «маленькага раю», пацвярджаючы яшчэ раз тое, што мастак і сёння мае права зрабіць сваім credo – проста Прыгажосць (у меру яго разумення, магчымасцяў і таленту).
![]() |
«У карцінах Алены Шлегель арганічна спалучыліся адсылы да аптычных эфектаў кінетычнага мастацтва, канцэптуальных пошукаў, цытатнасці постмадэрнізма, калажаў і асамбляжаў з тэндэнцыямі да стварэння сучаснага псіхадэлічнага тэатральнага відовішча. Аднак Алену не цікавіць толькі тэхнічная перадача моманту, яна працягвае дыялог, гуляючы з сэнсамі і вобразамі. Мастачка звязвае пазнавальную дэкарацыю з хронікай падзей і насяляе гэту прастору рэальнымі і нерэальнымі героямі ў іх парадаксальным злучэнні. Яна нібы стварае ўласны тэатр, дзе сама з'яўляецца рэжысёрам, пастаноўшчыкам, аўтарам і акцёрам адначасова.
Алена Шлегель балансуе паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы. У яе тэматычным арсенале мiфалогiя, фальклор, гiсторыя... Але, пры гэтым, самы важны аб’ект яе карцін – жаночы вобраз. Ён для мастачкі і партрэтная выява, і пластычная схема, і дэкаратыўны элемент, і сюрэалістычны сімвал. Алена Шлегель змяняе эмпірычную рэальнасць сканструяванай, прыдуманай, віртуальнай, яднае часавыя пласты і стылі. Гэта мова постмадэрнізму, дзе ёсць інтэлектуальны пасыл, першая прыступка для далейшага асэнсавання патаемнай глыбіні аўтарскай задумы».
Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца,
дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь
Алена Шлегель
Нарадзілася 16 ліпеня 1965 года ў Мінску.
1980-1984 - Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебова 1986-1991 - навучанне ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз - Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Вучылася ў Народнага мастака Рэспублікі Беларусь Г. Х. Вашчанкі.
Удзельніца мастацкіх выставак з 1988 года.
1996 - сябра Беларускага саюзу мастакоў.
1998 - сябра творчага аб`яднання «Міжнародная гільдыя жывапісцаў».
2004 - сябра творчага аб`яднання «Артэль».
2004 - стыпендыат Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Выстаўка працягнецца па 23 студзеня 2016 года.
Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!