2 чэрвеня 2016 года а 18-ай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (ПЛЯЦОЎКА – пр-т Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё праекта «ШКЛАВАТА».Праект прысвечаны беларускаму шклозаводу «Нёман» і сучаснаму стану мастацкага шкла Беларусі.
Куратары: Павел Вайніцкі і Алена Атрашкевіч-Златкавіч.
(Шкла)ватнасць – як антытэза звонкай транспарэнтнасці шкла, як крайняя праява інэртнасці ў развіцці айчыннага шкларобства апошніх дзвух дзесяцігоддзяў. Некалькі генерацый беларускіх мастакоў шкла, пераадольваючы складанасці абставінаў, усё яшчэ напраўляюць сваю стваральную энергію ў бок інтэрпрэтацыі шклянога аб'екта, як уласнага канцэптуальнага выказвання. Ці здольнае шкло сапраўды стать бастыёнам святла ў пануючай ватнасці паўсядзённай рэчаіснасці?
Аб'ектам куратарскай рэфлексіі выступае наяўны факт частковага перапрафілявання буйнейшага айчыннага шклозавода «Нёман» на выпуск шклаваты. Таго самага «Нёмана», у бліскучым мінулым якога – шырачэзны спектр унікальнай прадукцыі, ўзнагароды на міжнародных конкурсах, усесаюзае лідэрства і сусветная вядомасць. Але мінулі часы «сацыялістычнай надмернасці», калі творчыя пошукі мастакоў былі прыярытэтнымі для завода, бо стваралі ягоны прафесійны аўтарытет. З распадам краіны, «тварам» якой на замежных выстаўках былі творы беларускіх майстроў, «Нёман» аказаўся на мяжы выжывання. Інвестыцыйны праект па вытворчасці шклаваты – шараговая спроба прыстасаваць аганізуючы шклазавод да сучасных жорсткіх капіталістычных умоваў.
Выстаўка уяўляе з сябе светла-прасторавую інсталяцыю, што ўключае серыю відэа-інтэрв'ю са старэйшым пакаленнем нёманскіх мастакоў – мінулае шклозавода «Нёман»; творы маладых беларускіх аўтараў – цяперашні час айчыннага шкла і, уласна, шклавату - сумніўную, але непазбежную будучыню беларускай шкляной вытворчасці.
Выстаўка працягнецца па 20 чэрвеня 2016 года.
Час працы: 11.00-19.00, серада – 13.00-21.00, выхадныя – нядзеля, панядзелак.
Даведкі па тэлефонах: +375296745393 (Павел Вайніцкі), 2805608, 2882468 (аддзел выставачных залаў).
Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!