З 11 чэрвеня на Незалежнасці, 47 пачынае працаваць новая выстава “НЦСМ: ВЫБРАНАЕ”, якая пазнаёміць з лепшымі творамі з фондавых калекцый Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, якія фарміраваліся на працягу амаль 40 гадоў – з 1987 па 2026 год.
Збор працягвае папаўняцца па традыцыйнай музейнай схеме: калекцыі жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, плаката, пазней – аўтарскай фатаграфіі – і ахоплівае мастацкую практыку ад 1980-х гадоў да 20-х гадоў ХХІ стагоддзя.
Залаты фонд калекцыі складаюць жывапісныя і графічныя работы народных мастакоў Беларусі: Міхаіла Савіцкага, Леаніда Шчамялёва, Віталя Цвіркі, Гаўрылы Вашчанкі, Віктара Грамыкі, Уладзіміра Стальмашонка, Раісы Кудрэвіч, Івана Ахрэмчыка, Уладзіміра Тоўсціка, Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча. Створаныя ў асноўным у перыяд 1970–1980-х гадоў, яны з’яўляюцца мастацкімі сведкамі тых часоў, а ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва – падмуркам, на якім развіваецца айчыннае мастацтва сёння.
Значную частку складаюць творы, перададзеныя ў якасці падарункаў, часцей усяго – пасля завяршэння персанальнай выставы аўтара. З работ, прадстаўленых у экспазіцыі, жывапісныя палотны Леаніда Шчамялёва, Аляксея Жданава, Сяргея Цімохава, Міхаіла Рагалевіча, Аляксандра Родзіна, Людмілы Тардоф-Кальмаевай, Валерыя Чукіна перададзены музею і Цэнтру ў дар. Калекцыю жывапісу ў розныя часы папоўнілі работы замежных аўтараў – Дзмітрыя Лаўрэнцьева, Віктара Трафімава, Сяргея Катрана (Расія), Марыса Чачкі (Латвія), Інэс Берлін, Германа Бусса (Германія). Збор НЦСМ захоўвае звыш 50 твораў удзельнікаў маладзёжных пленэраў, арганізаваных Цэнтрам у 2022–2025 гадах. У 2022 годзе мастак Віктар Саўчанка перадаў у дар звыш 30 жывапісных і графічных твораў, прысвечаных Вінцэнту Ван Гогу, у 2024–2025 гадах прадстаўнік беларускага авангарду Ігар Кашкурэвіч падарыў Цэнтру звыш 100 сваіх работ і твораў бацькі – народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Своеасаблівым рэкардсменам у галіне падарункаў лічыцца Уладзімір Правідохін – 196 графічных твораў.
Што тычыцца дадзенай выставы, то яна рэпрэзентуе толькі 1,25% збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.
Выстава працуе да 23 жніўня 2026 года.
НЦСМ па адрасе: пр-т Незалежнасці,47
Сер-Ндз, 12:00-20:00
Кошт квіткоў: 15/10/5/4 р.
Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!