Выставы

Выстава-рэтраспектыва  Ганны Пейпіні “АКАЛІЧНАСЦІ”

  • 19.02.2016 - 05.03.2016
  • 11.00 - 19.00
  • г. Мінск, Някрасава, 3
  • Тэл. +375 17 235–03–32
  • Тэл. +375 17 399–09–78

19 лютага 2016 года ў 18.00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3, Мінск) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы-рэтраспектывы Ганны Пейпіні “АКАЛІЧНАСЦІ”.

“У творчасці мастачкі Ганны Пейпіні зліліся ўражанні, назапашаныя ў Беларусі, і атрыманая там мастацкая адукацыя, з імпульсамі, знойдзенымі ў культуры і прыродзе Латвіі; яны трансфармуюцца ў павышаную выразнасць формаў, фарбаў і рытмаў. У самых свежых працах аўтар мэтанакіравана набліжаецца да аб’яднання пэўных знакаў і рытмічнага почырку ў адзіную кампазіцыю. У рамках матываў і стылістыкі, выбраных самой мастачкай, карціны па сваёй задуме і выразнасці фарбаў пераканаўча пацвярджаюць індывідуальнасць Ганны Пейпіні і яе менталітэт, шматбакова ўзбагачаны творчасцю…»

Прафесар Яніс Андрыс Осіс, рэктар Акадэміі мастацтваў Латвіі


Мастачка радасці

У 2004 годзе рыжанка Ганна Пейпіня прымала ўдзел у калектыўнай выставе латвійскіх мастакоў у музеі Марка Шагала ў Віцебску. Праз больш за дзесяцігоддзе Ганна вяртаецца на сваю радзіму, Беларусь, з персанальнай выставай-рэтраспектывай “Акалічнасці”.

Калі глядзіш на творы Ганны Пейпіні, то ўзнікаюць адразу дзве асацыяцыі. З аднаго боку, радаснае адчуванне, якое захавалася з дзяцінства, а з другога – Ганна – чалавек, які думае пра нешта вельмі глыбіннае, сур’ёзнае. Гэтую асаблівасць творчай манеры самабытнай мастачкі адной з першых заўважыла вядомы латвійскі мастацтвазнаўца Святлана Хаенко. І паспрабавала прыадчыніць таямніцу творчасці Ганны: “Калі мы глядзім на яе краявіды і асабліва на нацюрморты, то можам проста пабачыць у іх тое, што мы называем дрэвам жыцця. Вытканыя з народных арнаментаў элементы паказваюць карані хрысціянскага, еўрапейскага мастацтва. І Пейпіня іх адкрыта адлюстроўвае. Прычым не таму, што адмыслова хоча зрабіць гэта, а таму, што гэта ўнутры.”

Ганна нарадзілася ў пасляваенны час у беларускай глыбінцы, у невялікай вёсцы. І заўсёды ведала, што будзе мастаком. У Бабруйскую мастацкую вучэльню вырашыла паступіць сама, без падказкі. Паспяхова прайшла конкурс і ў 1973 годзе атрымала дыплом адной з самых вядомых мастацкіх вучэльняў Беларусі.

З 1977 года Ганна жыве ў Латвіі. У Краславе працавала мастаком-афарміцелем, а яшчэ вяла заняткі ў мясцовым Доме піянераў. З 1994 года года яна пачынае актыўна ўдзельнічаць у творчым жыцці.

Ганна – мастак разнапланавы. Але эмацыянальнасць, буйства ліній і колеру праяўляюцца ва ўсёй яе творчасці. У сучасным абстрактным жывапісу кожная лінія – значная. Кожны штрых, кожная пляма выклікаюць у нас пэўныя эмоцыі. І ў гэтым чарговы раз пераконваюць працы Ганны.

... Калі ўпершыню бачыш крыштальныя нацюрморты, краявіды Ганны Пейпіні,у душы нібы разліваецца пяшчота да ўсяго, што расце на зямлі, што ты яшчэ не змог палюбіць да гэтага часу, але ўжо любіш цяпер, у гэтую хвіліну. Гледзячы на яе працы, нельга не ўсміхнуцца. У іх уяўнай прастаце сабрана сутнасць светабудовы.

                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                    Таццяна Касуха

Выстаўка будзе доўжыцца па 5 сакавіка 2016 года.

Выставачны аддзел: (017) 280-56-08

Другія мерапрыемствы
11.07.2025 19:00-20:40 Някрасава, 3
Тэатр Спектакль “ИЮЛЬ”

Многоголосие о любви и жестокости.

Адукацыя Мастер-классы в НЦСИ от художника Руслана Сергеева

Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!