Іншае

15 красавіка – Міжнародны дзень культуры

  • 15.04.2023
  • г. Мінск,
  • Тэл. +375 17 235–03–32
  • Тэл. +375 17 399–09–78

Штогод 15 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень культуры. Свята ўстаноўлена ў гонар міжнароднага дагавора “Аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў”, які быў прыняты ў гэты дзень у 1935 годзе. Дагавор быў скіраваны на ахову культурнай спадчыны як у мірны час, так і ў ходзе войнаў. У міжнароднай практыцы ён атрымаў назву “Пакт Рэрыха”.

Мікалай Рэрых – грамадскі дзеяч, вучоны, мастак лічыў культуру галоўнай рухаючай сілай на шляху ўдасканалення грамадства, падмуркам яднання людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Менавіта яму належыць ідэя стварэння арганізаванай аховы культурных каштоўнасцей. У 1914 годзе, калі свет ахапіла Першая сусветная вайна, Мікалай Рэрых звярнуўся да ваюючых краін з прапановай заключыць пагадненне, скіраванае на абарону помнікаў культуры, заклікаўшы не разбураць іх у ходзе баявых дзеянняў.

У 1998 годзе Міжнародная ліга абароны культуры выступіла з ініцыятывай святкавання Міжнароднага дня культуры ў памяць аб прынятым 63 гады таму “Пакце Рэрыха”.

У перакладзе з санскрыцкага “культура” азначае “шанаванне святла”, а гэта, у сваю чаргу, – імкненне чалавека да прыгожага, ідэальнага, да ведаў і, нарэшце, – да самаўдасканалення.

Міжнародны дзень культуры шырока адзначаецца ў многіх краінах: ладзяцца канцэрты, адкрываюцца выставы, праводзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы. Свята з’яўляецца добрай нагодай для віншавання работнікаў культуры, якія сваім энтузіязмам і адданасцю справе кансалідуюць прагрэсіўнае грамадства, супроцьпастаўляюць бездухоўнасці выхаванне з дапамогай сапраўднай культуры высакародных пачуццяў.

Ілюстрацыі:

Сідарава Валянціна Сцяпанаўна. Ілюстрацыя да кнігі “Дзятлава кузніца”. Папера, акварэль, 25х35 см, 1987 г. Са збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Ларчанка Станіслаў Міронавіч. Гімн Арфею. Бронза, дрэва, 86х25х20 см, 1990 г. Са збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь