З 30 верасня па 12 снежня Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу “Сучаснае еўрапейскае мастацтва”, на якой можна пабачыць выбраныя творы з музейнага збору НЦСМ, што былі перададзены ў дар мастакамі з замежных краін.
Праект аб’яднаў мастацкія выказванні 12 мастакоў з Германіі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Расіі і Швецыі. Персанальныя выставы большасці з іх Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і яго папярэднік, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, мелі гонар прымаць у розныя гады.
Так, нямецкі мастак Кірус Авербек у 2004 годзе падарыў музею адразу васемнаццаць твораў з філасофскай серыі “Жарсць”, якія цяпер можна ізноў пабачыць у НЦСМ.
Серыя “Сусвет хутка згарэлых сабак” Сяргея Катрана (Расія), мастака-вынаходніка, які ў 2017 годзе прадстаўляў персанальны праект на Венецыянскай біенале, а ў 2018-м – выставу “Сакрэтная зона” ў НЦСМ, створана “маргінальным метадам пад’езных вандалаў-эстэтаў, што шпурляюць палаючыя запалкі да столі свайго пад’езнага сховішча і пакідаюць такім чынам абстракцыі ад перагарэлых лучын”.
Марыс Чачка, мастак, куратар з Латвіі, арт-дырэктар даўгаўпілскага Арт-цэнтра імя Марка Роткі, стварыў свайго кшталту візуальны дзённік, перакладаючы важныя для сябе асабістыя дыялогі з іншымі людзьмі на мову абстрактнага жывапісу.
Партрэт легендарнага Дэвіда Хокні стварыў Гаспарэ Манас – італьянскі мастак, куратар, заснавальнік фонду сучаснага мастацтва Gaspare Foundation (Венецыя), добра вядомы беларускім гледачам у якасці сябра журы выставы “Восеньскі салон”.
Гонарам музейнай калекцыі НЦСМ з’яўляецца графічны твор “Ікар” вядомага італьянскага скульптара і мастака Масіма Гьёці, персанальная выстава якога праходзіла ў Мінску ў 2003 годзе.
Аб’екты, прадстаўленыя на выставе, – гэта шкляныя “Аблокі” мастачкі і выкладчыцы з Латвіі Ініты Эманэ і жалезная “Узнёсласць” Брыты Ліндэфельд са Швецыі. Агнія Германэ – яшчэ адна мастачка з Латвіі ў НЦСМ.
Некалькі ўдзельнікаў выставы паходзяць з Беларусі, але ўжо працяглы час працуюць за мяжой. У 2019 годзе ў НЦСМ праходзіла выстава Аляксандра Салівончыка (Беларусь / Германія) «Straßenbahn 11» («Трамвай нумар 11»), на якой аўтар прадстаўляў буйнафарматныя партрэты бяздомных Франкфурта-на-Майне. Людміла Тардоф-Кальмаева жыве ў Нідэрландах, яе насычаная сімваламі карціна прысвечана жыццю на новым месцы, асабістым перажыванням ад пераезду з Беларусі. Віталь Трафімаў – беларускі мастак і мастак-пастаноўшчык кіно, які працуе ў Расіі.
Апошнія на выставе па часе паступлення ў музейны фонд – абстрактныя кампазіцыі на дрэве з серыі “Лініі Сусвету” расійскага мастака Антона Кетава.
На сённяшні дзень музейны фонд НЦСМ складаюць больш за 5 тысяч твораў беларускіх і замежных мастакоў.
НЦСМ на вул. Някрасава, 3
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Кошт квітка: 6 р. / 3 р. (поўны / ільготны – агульны квіток на ўсе выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Каса: +375 (17) 281-74-79
Інфармацыя: +375 (17) 399-09-78, +375 (17) 235-03-32
Приглашаем посетить новый совместный проект Института философии НАН Беларуси и НЦСИ цикл лекций в рамках проекта «Наука искусства и искусство науки»
Приглашаем наших юных посетителей на мастер-классы от художника Руслана Сергеева!